Жодзіна абрала дэлегатаў на Форум

У якасці ганаровых гасцей сход наведалі памочнік старшыні Руху "За Свабоду" Алесь Лагвінец, адзін з лідэраў  "За Свабоднае развіццё прадпрымальніцтва" Алесь Таўстыка, кіраўнік Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў палітолаг Віталь Сіліцкі.

Госці распавялі пра палітычную сітуацыю ў Беларусі і магчымасці, якія зможа атрымаць наша краіна ад пашырэння супрацоўніцтва з Еўразвязам.

Віталь Сіліцкі засяродзіўся на пытаннях Усходняга партнёрства. Паводле палітолага, зараз гэта толькі рамкі, якія павінны быць напоўненыя рэальнымі дзеяннямі дзяржаваў-удзельніц.

Алесь Лагвінец спыніўся на мэтах і задачах Беларускага Еўрапейскага Форуму, адзначыўшы ўсю важнасць для беларускай супольнасці ўвесь час голасна заяўляць пра свае еўрапейскія памкненні.

Перад прысутнымі выступіў таксама кіраўнік грамадскай арганізацыі "Саюз Чарнобыль-Беларусь"Аляксандр Валчанін. Ён ад імя сваёй арганізацыі выказаў жаданне паўдзельнічаць у Беларускім Еўрапейскім Форуме.

Сустрэча адбывалася на прыватнай кватэры. Былі прадстаўнікі шэрагу грамадскіх і палітычных арганізацый. Шляхам галасавання на Форум вылучана 7 дэлегатаў.

Напрыканцы сустрэчы, карыстаючыся нагодай, жодзінскія актывісты абмеркавалі пытанні мясцовага развіцця і стратэгію дзеянняў на бліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах.

Агульная інфармацыя пра
Беларускі Еўрапейскі Форум

Беларускі Еўрапейскі Форум, які меў на мэце мабілізацыю прыхільнікаў еўраінтэграцыі, адбыўся 14 лістапада ў палацы культуры МАЗ.

У мерапрыемсіве ўзялі ўдзел 1023 чалавекі, з іх – 827 дэлегатаў Беларускага Еўрапейскага Форуму, пераважная частка якіх была вылучана на 97 сходах, што праходзілі па ўсёй краіне.

Дэлегаты прынялі ўдзел у дыскусіях падчас працы секцый "Палітыка", "Грамадства" і "Эканоміка".

У межах Форуму былі праведзены фотаконкурс і віктарына, працавала фотазона, былі выраблены і буклеты з інфармацыяй пра перавагі еўраінтэграцыі для розных сацыяльных групаў насельніцтва.

Пасля абмеркаванняў Форум прыняў рэзалюцыю і стратэгічны план дзеянняў праеўрапейскіх сіл на бліжэйшы час, які накіраваны на збліжэнне Беларусі з Еўразвязам.

Шаноўныя дэлегаты!

Вы маеце магымасць атрымаць уласныя фотаздымкі, якія былі зроблены у фотазоне пад час форуму. Для гэтага дашліце на адрас info@milinkevich.org сваё імя, адрас і кантактны тэлефон. Абавязкова пазначце адрас старонкі, дзе размешчаны здымак. Цягам пяці працоўных дзён Вам адкажуць.