http://www.euraforum.info Навіны Форум у СМІ ЕС з працягнутай рукою

ЕС з працягнутай рукою

Еўрасаюз падоўжыць частковае прыпыненне санкцый у дачыненні да беларускіх службоўцаў да кастрычніка 2010 года. Аднак адначасова будзе прыпыненае дзеянне гэтага рашэння на шэсць месяцаў. 16–17 лістапада ў Брусэлі гэтую палітыку мусяць прыняць міністры замежных спраў краінаў ЕС.

Еўрапейскі саюз працягвае візавыя абмежаванні ў адносінах да Беларусі. Аднак прыпыненне візавых санкцыяў робіцца для таго, каб адчыніць “вакно магчымасцяў”, – заявіў на брыфінгу падчас Беларускага Еўрапейскага форуму ў Мінску член Еўрапарламента, кіраўнік дэлегацыі па сувязях з Беларуссю Яцэк Пратасевіч. Асноўным індыкатарам для адмены санкцый пасля шасці месяцаў будуць змены ў беларускім выбарчым кодэксе. “На працягу наступных шасці месяцаў у Беларусі будуць мясцовыя выбары. Калі яны пройдуць справядліва, Еўрапейскі саюз можа разгледзець пытанне аб магчымай адмене санкцый”, – паведаміў палітык.

“Еўрапейскі саюз працягвае сваю руку беларускаму ўраду нягледзячы на тое, што ў Беларусі не ўсё добра, – патлумачыў Пратасевіч – Аднак трэба ўлічваць, што такое рашэнне было прынятае пасля таго, як на свабоду выйшаў Аляксандр Казулін. Гэта было папярэдняй умовай. І на сённяшні дзень рука ўсё яшчэ працягнутая. Цяпер сітуацыя ў Беларусі змяшаная” Сярод пазітыўных зменаў у Беларусі член Еўрапарламента назваў вызваленне Казуліна, допуск у распаўсюд газет “Народная воля” і “Наша ніва”, рэгістрацыю некаторых недзяржаўных аб’яднанняў, тое, што маніфестантаў не саджаюць у турмы, а толькі затрымліваюць і штрафуюць. “З іншага боку Арцём Дубскі знаходзіцца ў турме, дзесяць чалавек былі асуджаныя да абмежавання волі, некаторыя грамадскія арганізацыі, уключна з прававым цэнтрам “Вясна” не былі зарэгістраваныя, – пералічыў Яцэк Пратасевіч сутнасць прэтэнзій. – Я не хачу сказаць, што мы прымаем сітуацыю, аднак карціна не з’яўляецца чорнай ці белай”. Паводле яго слоў, ЕС праводзіў кансультацыі ў Беларусі з людзьмі, якія прадстаўляюць увесь спектр палітычных сілаў. Таксама праводзіліся кансультацыі з больш шырокай міжнароднай супольнасцю, уключна з офісам АБСЕ. І большасць удзельнікаў кансультацый сказалі, што трэба працягваць дыялог і пакінуць “вакно магчымасцяў” адчыненым. Аднак на пэўны часовы адрэзак і на пэўных умовах.

“Паверце нам, мы не грунтуем свой падыход толькі на заявах ці знешніх жэстах. Недастакова, каб Лукашэнка сказаў Ярмошынай: “Памяняйце закон у адпаведнасці з рэкамендацыямі АБСЕ”. Таксама недастакова таго, што новы закон будзе проста перасланы ў парламент. Тое, чаго мы чакаем – гэта рэальныя змены і правапрымяняльная практыка падчас мясцовых выбараў”, – падкрэсліў кіраўнік дэлегацыі па сувязях з Беларуссю.

Яцэк Пратасевія заўважыў, што Беларусь не мае абавязку дзейнічаць у адпаведнасці з рэкамендацыямі ЕС у сваім эканамічным і палітычным жыцці, бо не ёсць сябрам ЕС ці кандыдатам на ўступленне ў Еўразвяз. “Аднак паколькі Беларусь хоча афіцыйна супрацоўнічаць з ЕС, хоча мець фінансавую падтрымку, сітуацыя змяняецца, – падкрэсліў палітык. – Мы гаворым, калі вы размаўляеце пра супрацоўніцтва, інвестыцыі, мы адказваем “так”. Але і мы можам нечага чакаць. Найперш гэта змены ў эканоміцы. Любы, хто лічыць грошы, не будзе пазычаць кампаніі, якая іх губляе. Другое – пытанне правоў чалавека. Таму што ёсць ціск ад грамадства і палітыкаў, для якіх правы чалавека і дэмакратыя важныя. Вось чаму Лукашэнка гаворыць, што будзе ўносіць змены ў выбарчы кодэкс. Не таму што ён вялікі аматар дэмакратыі ці памяняў сваю палітычную філасофію. Але ён хоча нашай фінасавай падтрымкі і мусіць нешта рабіць”.

У праекце папярэдняй рэзалюцыі наконт працягнення санкцый гаворыцца, што ЕС заклікае Мінск правесці рэформу выбарчага заканадаўства і паважаць правы чалавека, у прыватнасці, спыніць ціск на палітычных актывістаў і незалежныя СМІ. Брусэль таксама выказваецца за ўвядзенне ў Беларусі мараторыю на смяротную кару.

Упершыню візавыя санкцыі былі ўведзеныя ў 2004 году ў дачыненні чатырох беларускіх службоўцаў, да 2006 году спіс вырас да 41 чалавека. У кастрычніку 2008 года кіраўнік МЗС краін Еўрапейскага саюза прыпыніў на паўгода дзеянне санкцый для 36 асобаў з гэтага спісу. У ім засталіся пяць чалавек: тыя, каго Еўропа падазрае ў дачыненні да палітычных знікненняў у 1999–2000 гадах (экс-міністры ўнутраных спраў Юрый Сівакоў і Уладзімір Навумаў, былыя дзяржсакратар Рады бяспекі Віктар Шейман і камандзір брыгады спецназу ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка), а таксама старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. 16 сакавіка гэтага года на паседжанні ў Брусэлі замарозка санкцый была падоўжаная на дзевяць месяцаў. Але дзеянне санкцый адносна гэтых пяці чалавек падаўжылася на год.

Агульная інфармацыя пра
Беларускі Еўрапейскі Форум

Беларускі Еўрапейскі Форум, які меў на мэце мабілізацыю прыхільнікаў еўраінтэграцыі, адбыўся 14 лістапада ў палацы культуры МАЗ.

У мерапрыемсіве ўзялі ўдзел 1023 чалавекі, з іх – 827 дэлегатаў Беларускага Еўрапейскага Форуму, пераважная частка якіх была вылучана на 97 сходах, што праходзілі па ўсёй краіне.

Дэлегаты прынялі ўдзел у дыскусіях падчас працы секцый "Палітыка", "Грамадства" і "Эканоміка".

У межах Форуму былі праведзены фотаконкурс і віктарына, працавала фотазона, былі выраблены і буклеты з інфармацыяй пра перавагі еўраінтэграцыі для розных сацыяльных групаў насельніцтва.

Пасля абмеркаванняў Форум прыняў рэзалюцыю і стратэгічны план дзеянняў праеўрапейскіх сіл на бліжэйшы час, які накіраваны на збліжэнне Беларусі з Еўразвязам.

Шаноўныя дэлегаты!

Вы маеце магымасць атрымаць уласныя фотаздымкі, якія былі зроблены у фотазоне пад час форуму. Для гэтага дашліце на адрас info@milinkevich.org сваё імя, адрас і кантактны тэлефон. Абавязкова пазначце адрас старонкі, дзе размешчаны здымак. Цягам пяці працоўных дзён Вам адкажуць.