http://www.euraforum.info Навіны Форум у СМІ Мілінкевіч: Мы гатовы падтрымаць «рэальнага кандыдата»

Мілінкевіч: Мы гатовы падтрымаць «рэальнага кандыдата»

У сваёй прамове на Еўрапейскім Форуме ў Мінску 14 лістапада Аляксандр Мілінкевіч намякнуў, што дэмакратычная апазіцыя гатовая падтрымаць кандыдата ў прэзідэнты з па-за сваіх шэрагаў. Пры ўмове што гэта будзе моцны і здольны лідэр.

«Удзел у прэзідэнцкай гонцы для мяне і для нас не самамэта, — заявіў Мілінкевіч. — Калі з’явіцца рэальны кандыдат, здольны пераканаць у сваёй шчырасці і сваёй праграме ўсё грамадства, здольны аб’яднаць вакол сябе рэальна існуючыя дэмакратычныя сілы — гэта значыць, дэмакратычны рэгіянальны актыў перш за ўсё, а не толькі сталічную тусоўку — мы і я падтрымаем такога кандыдата і будзем працаваць з ім у той якасці, у якой спатрэбіцца».

У той жа час Мілінкевіч выказаў сумневы ў рэальнасці такога сцэнару і заклікаў да грамадзянскага патрыятызму: «Давайце не абсалютызаваць асобу. Давайце абсалютызаваць супольнасць. Нашу грамадзянскую супольнасць».

Лідэр Руху за Свабоду мяркуе, што выбары 2011 года будуць праходзіць у іншай атмасферы, чым папярэднія: «У 2006-м ... мы перамаглі страх. Такога страху, які быў перад Плошчай, больш не будзе. У 2011-м будзе лягчэй. Рэжым аслаб. Яго падтачыла эрозія. Тыя, хто раней рэжым будавалі, цяпер самі зразумелі: сістэму пара мяняць».

Ён выказаў думку, што галоўнае — захаваць арганізаванасць апазіцыі: «Мы не дапусцілі развалу і дэзарганізацыі апазіцыі, калі лідэры сыходзілі адразу пасля выбараў ці з’язджалі за мяжу. Я, Мілінкевіч, тут, з вамі. Я прайшоў з вамі ўвесь шлях. З вамі быў на Плошчы ў 2006-м. З вамі сядзеў у турме на Акрэсціна».

Мілінкевіч фактычна заявіў аб пачатку ўласнай перадвыбарнай кампаніі: «Я здольны прывесці Беларусь у Еўрасаюз. Я буду рыхтавацца да выбараў».

 

Агульная інфармацыя пра
Беларускі Еўрапейскі Форум

Беларускі Еўрапейскі Форум, які меў на мэце мабілізацыю прыхільнікаў еўраінтэграцыі, адбыўся 14 лістапада ў палацы культуры МАЗ.

У мерапрыемсіве ўзялі ўдзел 1023 чалавекі, з іх – 827 дэлегатаў Беларускага Еўрапейскага Форуму, пераважная частка якіх была вылучана на 97 сходах, што праходзілі па ўсёй краіне.

Дэлегаты прынялі ўдзел у дыскусіях падчас працы секцый "Палітыка", "Грамадства" і "Эканоміка".

У межах Форуму былі праведзены фотаконкурс і віктарына, працавала фотазона, былі выраблены і буклеты з інфармацыяй пра перавагі еўраінтэграцыі для розных сацыяльных групаў насельніцтва.

Пасля абмеркаванняў Форум прыняў рэзалюцыю і стратэгічны план дзеянняў праеўрапейскіх сіл на бліжэйшы час, які накіраваны на збліжэнне Беларусі з Еўразвязам.

Шаноўныя дэлегаты!

Вы маеце магымасць атрымаць уласныя фотаздымкі, якія былі зроблены у фотазоне пад час форуму. Для гэтага дашліце на адрас info@milinkevich.org сваё імя, адрас і кантактны тэлефон. Абавязкова пазначце адрас старонкі, дзе размешчаны здымак. Цягам пяці працоўных дзён Вам адкажуць.