Але якраз пытанні наконт таго, чаму форум прайшоў без перадвыбарчай канкрэтыкі, без кідкіх сцэнароў, чаго вымагае паход на прэзідэнцтва, застаюцца. Аморфнасць гэта ці канцэптуальны салідны іміджавы падыход?
Па ўсім, тут другое. Аляксандр Мілінкевіч - не толькі самы моцны апазіцыйны палітык на сёння, але і самы адэкватны.
Ён кажа пра гатоўнасць, а не пра жаданне балатавацца і быць прэзідэнтам. Прамова Млінкевіча на БЕФ - то пасланне не наконт персанальнай амбіцыі, а што тычыцца спрыяння гістарычнаму выбару краіны. Мілінкевіча можна параўнаць з прэзідэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам. Яны абодва ідуць на выбары не дзеля пасады, хоць бы і таму, што разумеюць, што шанцы на перамогу невялікія. Але вось удзел у гэтых выбарах з адэкватных пазіцый можа прынесці куды больш карысці, чымсьці балатаванне з заявамі пра рэвалюцыйную перамогу. Бо пасля такой пустапарожняй рыторыкі частка грамадства з дэмакратычнымі поглядамі пагружаецца яшчэ ў большую маркоту.
Галоўны мэсідж перадвыбарчай кампаніі Мілінкевіча - наконт шляху Беларусі ў ЕС. Дарэчы, у руху "За свабоду" і пасля БЕФу даюць зразумецьь, што выбары - гэта сродак, а не мэта.
"Тое, што Мілінкевіч гатовы ўдзельнічаць у выбарах - ні для каго не сакрэт. Як і тое, што з усіх магчымых кандыдатаў, ён мае найлепшыя пазіцыі. Мерапрыемства не было прысвечана выбарам. Гэта хутчэй пачатак фармавання ў Беларусі рэальнай праеўрапейскай сілы", - рэзюмаваў у інтэрв'ю "МЫ" намеснік старшыні руху Юрась Губарэвіч.
"Я хачу падкрэсліць неразрыўнасць трох элементаў. Без права на свабодны выбар, без разняволення грамадзянаў на ўсіх узроўнях мы не зможам заняць раўнапраўнае месца сярод еўрапейскіх дзяржаў. У той жа час толькі інтэграцыя Беларусі ў Еўропу здольная забяспечыць паўнавартае эканамічнае развіццё, якога мы хочам. І толькі інтэграцыя ў Еўропу здольная гарантаваць бяспеку нашай краіны.
Пераходны перыяд можа быць. Але ў цэлым, калі сцісла: без свабоды і дэмакратыі не будзе еўраінтэграцыі. Без еўраінтэграцыі не будзе дабрабыту і абароненасці.
Мы ад ЕС нікуды не дзенемся, маючы яго на трох межах. Проста ці мы будзем побач ЕС, ці ў складзе ЕС. Рэальнасць жорсткая. Хто застанецца за ўсходняй мяжой аб’яднанай Еўропы, застанецца сыравінным дадаткам да Еўразвяза. Будзе бензінавым шлангам, груба кажучы. Хто будзе сябрам ЕС, будзе як унутры сучаснай машыны.
Гаворачы пра значэнне інтэграцыі з ЕС для абароненасці, я разумею як ўнутраны правапарадак, так і замежнапалітычнае забеспячэнне спакойнага жыцця.
Умацаванне дэмакратыі не азначае аслабленне законнасці і правапарадку.
Наадварот, правапарадак у еўрапейскіх краінах падтрымліваецца на найвышэйшым узроўні. Афіцэры войскаў, міліцыі і спецслужбаў у еўрапейскіх краінах зарабляюць нашмат больш, чым іх беларускія калегі. І ўпэўненасць, якасць іх жыцця непараўнальная. Расходы на абарону, расходы на дзейнасць структураў аховы парадку ў Беларусі трэба прыводзіць да еўрапейскіх стандартаў. Гэта адзін з ключоў да дэмакратычнай эвалюцыі.
Свабода будзе выгадная ўсім, нават тым, хто яе цяпер баіцца і змагаецца супраць яе.
Зарабіць на годнае жыццё можна, і не прадаючы свабоду!" - так казаў на Беларускім еўрафоруме Мілінкевіч.
"Крызіс падштурхнуў кіраўніцтва краіны да Еўропы - але не да дэмакратыі. Беларусь яшчэ не зрабіла галоўнага кроку насустрач Еўропе - пераменаў у палітычнай сістэме.
Нядаўна на беларуска-нямецкім форуме Уладзімір Макей сказаў: што "ўпэўненыя крокі павінны рабіцца няспешна". Нібыта і нашы продкі ў свой час падобна фармулявалі аснову беларускага кансерватызму: "Старыны не рушыць, навіны не ўводзіць». Аднак ёсць адзін нюанс. Гэтая формула - "Старыны не рушыць, навіны не ўводзіць" — адносілася да захавання старых вольнасцяў і правоў. Яе згадвалі, калі ўзнікала пагроза тыраніі.
Перажыткі саветчыны трэба ліквідаваць рашуча. Каб Беларусь увайшла ў Еўрасаюз, каб Беларусь ператварылася ў тэхналагічна і сацыяльна перадавую краіну, патрэбна воля да пераменаў", - заявіў лідэр руху "За свабоду".
Такім чынам, мэтай Мілінкевіча на прэзідэнцкіх выбарах стане артыкуляцыя праеўрапейскіх каштоўнасцяў і стварэнне структуры на будучае. У паміжвыбарчы перыяд з 2011 па 2016 гады, па ўсім, будзе гадавацца новы лідэр, новы кандыдат у прэзідэнты. Інтрыгай ёсць тое, хто ім будзе. У тым ліку і таму, што, магчыма, змагацца яму давядзецца ўжо не з Аляксандрам Лукашэнкам. Верагодна, выбары-2016 стануць выбарамі і супрацьстаяннем новай генерацыі беларускіх палітыкаў.
http://belmy.info



