Галоўная задача форуму – аб’яднаць прыхільнікаў праэўрапейскіх сілаў і засьведчыць пра незваротнасьць заходняга вэктару разьвіцьця краіны. Дэлегаты маюць зацьвердзіць шэраг дакумэнтаў і рэзалюцый, паводле якіх будзе адбывацца па “эўрапеізацыі Беларусі”.
На форуме ў Палацы культуры МАЗ у Менску знаходзіцца карэспандэнт Польскага радыё Марыя Кароль.
М. Кароль: Мэтай правядзеньня форуму ёсьць стварэньне пляцоўкі для дыскусіі наконт інтэграцыі Беларусі ў Эўропу, удзелу Беларусі ў эўрапейскай палітыцы добрасуседзтва. На сустрэчы будуць прынятыя дакумэнты, якія будуць прадстаўленыя ўдзельнікам Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства, які на наступным тыдні адбудзецца ў Брусэлі.
У рамках форуму праходзяць тры тэматычныя сэкцыі: палітыка, эканоміка й грамадзтва. Іх удзельнікі будуць дыскутаваць пра стан, пэрспэктывы й выклікі адносінаў паміж Беларусьсю й Эўразьвязам.
Форум ладзяць шэраг палітычных партый і грамадзкіх аб’яднаньняў краіны: Рух “За Свабоду”, Партыя свабоды й прагрэсу, Партыя БНФ, Правы альянс, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, Маладыя дэмакраты, Малады фронт, Маладая Беларусь.



